Старонкі гісторыі. Айцец Мельхіёр Фардон – заступнік Гродна
У гродзенскім касцёле Маці Божай Анёльскай, які прыгожа ўзвышаецца на левым беразе Нёману, знаходзіцца магіла айца Юзафа Мельхіёра Фардона, францішканіна, якога па праве можна назвацца нябесным апекуном Гродна.
Айцец Фардон жыў на мяжы XIX-ХХ стагоддзяў. У памяці гараджан гэты святар застаўся чалавекам з вялікім сэрцам. Дагэтуль жывуць і пераказваюцца гісторыі пра тое, як ён аддаў свой абутак бяздомнаму валацугу, як змяняў жыццё людзей, дазваляючы ім адчуць шчыры клопат і давер, як спавядаў па дванаццаць гадзін у дзень, будучы сапраўдным апосталам міласэрнасці.
Усеагульную любоў гродзенцаў гэты духоўны сын святога Францішка Асізскага здабыў у часы Першай сусветнай вайны, калі ўратаваў ад расстрэлу нямецкімі войскамі трынаццаць мясцовых пажарнікаў, прапанаваўшы расстраляць замест іх яго самаго.
Айцец Мельхіёр Фардон будаваў новыя касцёлы, апекаваўся тайнымі манаскімі супольнасцямі, быў духоўным айцом і добрым сябрам святога Максімільяна Кольбэ, калі той прыехаў у Гродна і разгарнуў там сваю буйную выдавецкую дзейнасць.
Пра постаць гэтага выбітнага святара ў новым выпуску падкаста Старонкі гісторыі, распавядае спадарыня Раіса Зянюк, даследчыца гісторыі каталіцкіх манаскіх ордэнаў і духавенства ў Беларусі ў XIX-XX стагоддзях.
--------
28:24
Старонкі гісторыі. Пасляваеннае каталіцкае духавенства ў Беларусі
Пасля Другой сусветнай вайны ў Беларусі засталося 225 каталіцкіх святароў. У сілу розных прычын гэта лічба ў далейшым непазбежна скарачалася, але менавіта святары з гэтай групы на працягу наступных дзесяцігоддзяў былі тымі, хто дапамог захаваць веру на нашай зямлі. Нягледзячы на шматлікія перашкоды, яны хрысцілі, спавядалі, вучылі людзей жыць па-Божаму і засталіся ў памяці вернікаў мужнымі пастырамі і сведкамі веры.
Касцёл у Беларусі, у пэўнай ступені з’яўляецца духоўным і культурным нашчадкам гэтага пакалення духавенства. Якім яно было? Адказ на гэта пытанне безумоўна дапаможа нам лепш пазнаць і зразумець саміх сябе.
Жыццё і лёс кожнага святара, які служыў у БССР, непаўторныя, але ёсць таксама і шмат агульных рыс, якія аб’ядноўваюць іх. Гэтыя даныя сістэматызавала кандыдат гістарычных навук, спадарыня Раіса Зянюк. Пра сацыяльны партрэт пасляваеннага каталіцкага духавенства ў Беларусі яна распавядае ў чарговым выпуску падкаста Старонкі гісторыі.
--------
33:32
Старонкі гісторыі. Трафей ксяндза Станіслава Міхальскага
У старажытнасці помнікі над магіламі мучанікаў называлі грэчаскім словам трафей. Яны нагадвалі пра духоўную перамогу хрысціян, якія засталіся вернымі вучнямі Хрыста нават перад абліччам смерці. Трафеі часта станавіліся мэтай пілігрымак. Вернікі прыходзілі да іх са сваімі малітвамі.
Ля касцёла ў вёсцы Вішнева, недалёка ад Валожына, таксама ёсць надмагільны помнік, які можна назваць трафеем. Ён узвышаецца над магілай каталіцкага святара, езуіта, ксяндза Станіслава Міхальскага, які трагічна загінуў у 1950 годзе.
З гэтым месцам звязана адна вельмі прыгожая традыцыя. Як першыя хрысціяне прыходзілі да магіл мучанікаў за сваімі просьбамі, так і сёння ля магілы ксяндза Міхальскага збіраюцца людзі і моляцца аб новых пакліканнях – аб мужных, самаахвярных пастырах для нашай краіны, такіх якім быў ксёндз Станіслаў Міхальскі.
Пра постаць гэтага малавядомага святара распавядае наша сённяшняя госця спадарыня Раіса Зянюк, кандыдат гістарычных навук, даследчыца гісторыі каталіцкіх манаскіх ордэнаў і духавенства на тэрыторыі Беларусі ў ХІХ-ХХ стагоддзях.
--------
20:10
Старонкі гісторыі. Місія ксяндза Юзафа Марсангера
На працягу доўгіх пасляваенных дзесяцігоддзяў у Мінску былі закрыты ўсе каталіцкія храмы. Таму адным з цэнтраў духоўнага жыцця для сталічных вернікаў вымушана стаў касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Красным, недалёка ад Маладзечна, куды было зручна дабірацца чыгункай.
З 1944 года ў Красным служыў ксёндз Юзаф Марсангер – польскі езуіт, які апынуўся на тэрыторыі Беларусі ў рамках так званай Місіі Усход – яна праводзілася кіраўніцтвам Віленскай архідыяцэзіі падчас Другой сусветнай вайны з мэтай адраджэння касцёльнага жыцця на тэрыторыях, пацярпелых ад рэалізацыі савецкімі ўладамі палітыкі барацьбы з рэлігіяй.
Пасля вайны місія фактычна спынілася, але не для ксяндза Марсангера, які вырашыў застацца ў БССР і прысвяціць усё сваё жыццё захаванню веры на беларускай зямлі. Пра постаць гэтага святара распавядае наша госця, спадарыня Раіса Зянюк, кандыдат гістарычных навук, даследчыца дзейнасці каталіцкіх манаскіх ордэнаў і духавенства на тэрыторыі Беларусі ў XIX – XX стагоддзях.
--------
30:28
Старонкі гісторыі. Святы Максімільян Кольбэ ў Гродне
З 1922 па 1926 год у Гродне жыў адзін з самых вядомых у свеце каталіцкіх святых – айцец Максімільян Марыя Кольбэ, польскі францішканін, які добраахвотна аддаў сваё жыццё за невядомага яму чалавека, асуджанага на смерць у нацысцкім канцэнтрацыйным лагеры Аўшвіц у жніўні 1941 года.
Гродзенскі перыяд служэння Максімільяна Кольбэ быў важным этапам яго біяграфіі. Святы прычыніўся да адраджэння мясцовага францішканскага кляштара, у якім зноў пачало віраваць жыццё пасля ліхалецця пераследу Касцёла на гэтай зямлі. У горадзе над Нёманам Максімільян Кольбэ разгарнуў сваю буйную выдавецкую дзейнасць, жадаючы паставіць на службу Багародзіцы каталіцкія друкаваныя выданні з мільённымі накладамі.
Менавіта ў Гродне айцец Кольбэ пасябраваў з чалавекам, які сваім прыкладам мог натхніць яго на гераічны ўчынак, здзейснены пазней у нацысцкім лагеры смерці. Гэта быў айцец Мельхіёр Фардон – францішканін, вельмі паважаны мясцовым людам, які спачывае сёння ў гродзенскім касцёле Маці Божай Анёльскай. У часы Першай сусветнай вайны ён прапанаваў сваё жыццё ў абмен на нявінна асуджаных на смерць гродзенскіх пажарнікаў. Цалкам магчыма, што гэты мужны ўчынак стаў натхненнем для святога Максімільяна, бо як пісаў Адам Міцкевіч: “у святых святое сяброўства”.
Пра малавядомы гродзенскі этап біяграфіі святога Максімільяна Кольбэ распавядае наша госця, спадарыня Раіса Зянюк, кандыдат гістарычных навук, даследчыца дзейнасці каталіцкіх манаскіх ордэнаў і духавенства на тэрыторыі Беларусі ў ХІХ-ХХ стагоддзях.