Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі распавядае ў гэтым выпуску пра творы і лёс Дзмітрыя Сцялецкага, выбітнага мастака, які зрабіў вялікі ўнёсак у мастацтва, але доўгія гады пражыў у эміграцыі. Нарадзіўся ў Брэсце ў 1875 годзе, атрымаў адукацыю ў Санкт-Пецярбургу і Парыжы. Сцялецкі захапляўся старажытным мастацтвам, адлюстроўваў міфічны і гістарычны вобраз Усходняй Славяншчыны ў ілюстрацыях, скульптурах і роспісах. Жыў у эміграцыі ў Францыі, дзе ствараў дэкарацыі, іконы, афармляў храмы. Яго спадчына яшчэ чакае даследчыкаў.
--------
10:40
Леон Гаспар. Мастак і падарожнік
Пакаленні мастакоў і дойлідаў стваралі хараство, даючы нам уяўленне пра каштоўнасці вечныя, узняўшыся над зямной рэчаіснасцю. У гэтым выпуску гутарка ідзе пра Леона Гаспара, аднаго з такіх творцаў, чалавека незвычайнага лёсу, славутага жывапісца, чыя творчасць добра вядомая па абодва бакі Атлантыкі.
Ягоныя творы знаходзяцца ў многіх амерыканскіх музеях і прыватных калекцыях Амерыкі, Канады, Францыі. І гледачы там разглядаюць Віцебск, Вільню і Магілёў, жыхароў беларускіх вёсак і мястэчак, а таксама дзіўных персанажаў з Кітаю, Расіі, Магрыбу і Нью-Мексыка. На жаль, твораў Леона Гаспара ў беларускіх музеях пакуль няма. Але творчая спадчына мастака сёння належыць усяму свету. А праз яе – і мастацкія вобразы нашага краю. Гледзячы сёння на творы нашага земляка, Леона Гаспара-Шульмана, сына местачковага цесляра з Беларусі, мы ўсведамляем, што на зямлі міне ўсё, а мастацтва застанецца ў вечнасці… Імя гэтага выдатнага творцы вартае таго, каб ягоную творчасць ведалі на радзіме і помнілі пра каштоўнасці вечныя.
--------
10:08
Юзаф Чаховіч. Летапісец Вільні
У гэтым выпуску Сяргей Харэўскі распавядае пра лёс Юзафа Чаховіча, аднаго з піянераў не толькі літоўскай, але і беларускай і ўкраінскай фатаграфіі. Ён быў летапісцам віленскага жыцця, амаль 15 гадоў адзіным фатографам у Вільні.
Чаховіч меў у Вільні ўласны дом, дзе і трымаў фотаатэлье, насупраць уваходу ў Бэрнардынскі сад. Ён быў вядомы як выдатны партрэтыст, але, перадусім, яго цікавілі вуліцы і плошчы Вільні і яе ваколіцы. Ён першы ў Вільні зрабіў фотаздымкі касцёльных і палацавых інтэр'ераў, у тым ліку капліцы святога Казіміра ў катэдры, касцёла святых Пятра і Паўла ў Антаколі, палаца ў Вярках. Ён першым стаў фатаграфаваць сцэны з паўсядзённага жыцця жыхароў прадмесцяў: Бяльмонта, Кальварыі, Паплаваў, Зарэчча, Звярынца. Юзэф Чаховіч зрабіў каля 200 фотаздымкаў Вільні: надвор'е, будынкі, інтэр'еры. Дзякуючы яму мы ведаем, як выглядала Вільня ў 1870-1880-я гады.
Творчая спадчына Юзафа Чаховіча належыць тром народам: беларусам, палякам і літоўцам. Іх супольны гістарычны лёс спалучыўся ў жыцці і творчасці мастака.
--------
9:29
Станіслаў Шабунеўскі. Архітэктар і грамадзянін
Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі працягвае распавядаць пра творы мастацтва і дойлідства Беларусі і пра лёсы іх стваральнікаў у хрысціянскім кантэксце. Гэтым разам ён апавядае пра вялікага беларускага архітэктара Станіслава Шабунеўскага, чыё імя было схаванае ў савецкі час. Гэты вядомы дойлід быў рэпрэсаваны ў 1937 годзе і лічыўся ворагам народа да 1989 года, калі афіцыйная рэабілітацыі аднавіла яго добрае імя.
Створанае ім складае каштоўную частку архітэктурнай спадчыны Беларусі, а ў касцёлах Бабруйска і Рэчыцы да сёння правяцца Імшы. Гледзячы на будынкі, што паўсталі дзякуючы Станіславу Шабунеўскаму, мы ўсведамляем што на зямлі мінае ўсё, а гармонія і прыгажосць застаюцца ў вечнасці…
--------
10:30
Тамаш Жаброўскі. Астраном-архітэктар
У гэтым выпуску мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі распавядае пра выдатнага архітэктара позняга барока, аднаго з найбольш яскравых прадстаўнікоў віленскай архітэктурнай школы ракако. Яшчэ пры жыцці ён здабыў сабе славу як астраном і матэматык. Тамаш Жаброўскі – выдатны беларускі і літоўскі асветнік з ордэна Езуса.
Найбольш вядомы архітэктурны твор Жаброўскага – астранамічная абсерваторыя ў Вільні. Яна была ўзведзеная паверх колішняга корпуса езуіцкага калегіума. Вежы па кутах абсерваторыі сваімі формамі мусілі нагадваць барочныя вежы віленскіх касцёлаў. Узвядзенне заходняй вежы зацягнулася ажно да самай смерці Жаброўскага і так і не было завершанае. Пабудаваная ж паводле ягонага праекту ўсходняя вежа і сёння ўзвышаецца над Старым горадам…